Ёв, разьдзел 29
 
- І гаварыў далей Ёў слова сваё і сказаў:
 - о, калі б я быў, як у ранейшыя месяцы, як у тыя дні, калі Бог асланяў мяне,
 - калі сьвяцільня Ягоная сьвяціла над галавою маёю, і я пры сьвятле Ягоным хадзіў у цемры;
 - як быў я ў дні маладосьці маёй, калі ласка Божая была над намётам маім,
 - калі яшчэ ўсеўладны быў са мною, і дзеці мае вакол мяне,
 - калі шляхі мае абмываліся малаком і скала крынічыла мне ручаі алею!
 - Калі я выходзіў да брамы горада і на плошчы ставіў седзішча сваё,
 - хлопцы, убачыўшы мяне, хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі;
 - князі ўстрымліваліся ад прамовы і пальцы клалі на вусны свае;
 - голас знакамітых змаўкаў, і язык у іх прыліпаў да паднябеньн.я іхняга.
 - Вуха, якое чула мяне, улешчвала мяне; вока, якое бачыла, хваліла мяне,
 - бо я ратаваў пакутніка, які енчыў, і сірату бездапаможнага.
 - Дабраславеньне таго, хто гінуў, прыходзіла на мяне, і сэрцу ўдавы прыносіў я радасьць.
 - Я апрануўся ў праўду, і суд мой апранаў мяне як мантыя і турбан.
 - Я быў вачыма сьляпому і нагамі кульгаваму;
 - бацькам быў я ўбогім і цяжбіну, якое я ня ведаў, разьбіраў уважліва.
 - Крышыў я беззаконнаму сківіцы і з зубоў ягоных вырываў крадзенае.
 - І казаў я: у гнязьдзе маім сканаю, і дзён маіх будзе многа, як пяску;
 - корань мой адкрыты вадзе, і раса начуе на вецьці маім;
 - слава мая ня старыцца, лук мой моцны ў руцэ маёй.
 - Уважалі мне і чакалі, і маўчалі пры радзе маёй.
 - Пасьля слоў маіх ужо не разважалі; мова мая капала на іх.
 - Чакалі мяне, як дажджу, і, як дажджу позьняму, разьзяўлялі вусны свае.
 - Бывала, усьміхнуся ім, — яны ня вераць; і сьвятла твару майго яны не азмрочвалі.
 - Я назначаў шляхі ім і сядзеў на чале і жыў як цар у коле вояў, як суцешнік заплаканых.
  
 
 
 | 
 Выбор перевода и языка
  
 |